На зямлі адзіная ўдача:
У вечным слове чалавекам быць…

Аляксей Пысін

Магілёўшчына спрадвеку славіцца песеннасцю, яна стала радзімай для многіх таленавітых празаікаў і паэтаў. Класікамі беларускай літаратуры з’яўляюцца нашы знакамітыя землякі: Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Альгерд Абуховіч, Максім Гарэцкі, Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Аляксей Пысін, вядомымі літаратуразнаўцамі – Іван Насовіч, Георгій Юрчанка, Фёдар Янкоўскі. Не парываюць сувязі з роднай Магілёўшчынай і вядомыя пісьменнікі, якія жывуць зараз у Маскве, Мінску і іншых гарадах: Ігар Шклярэўскі, Іван Бурсаў, Мікола Аўрамчык, Дзмітрый Бугаёў, Галіна Васілеўская, Анатоль Казлоў.

З мэтай прэзентацыі літаратурнага жыцця Магілёўскай вобласці, літаратурнай адукацыі насельніцтва, распаўсюджвання ведаў аб ролі сваёй радзімы ў культурным жыцці краіны і далучэння да духоўных каштоўнасцяў рэгіёну Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна створаны каштоўны інфармацыйны рэсурс – фактаграфічная літаратурна-краязнаўчая база даных «Таленты ад роднай зямлі». Аснову базы складаюць матэрыялы, прадстаўленыя супрацоўнікамі цэнтральных раённых бібліятэк Магілёўскай вобласці.

Рэсурс змяшчае звесткі аб 357 персаналіях – пісьменніках, паэтах, літаратуразнаўцах – ураджэнцах Магілёўскай вобласці і звязаных з ёй сваім жыццём і творчасцю – і з’яўляецца абагульненнем інфармацыі аб літаратурных традыцыях Магілёўшчыны.

Біяграмы ўтрымліваюць біяграфічную, фактаграфічную і бібліяграфічную інфармацыю як аб заснавальніках беларускай літаратуры, так і сучасных пісьменніках і паэтах.

Па меры паступлення інфармацыі база даных будзе дапаўняцца новымі звесткамі.